
Інстытут рускай мовы – адзін з найстарэйшых падраздзяленняў Пекінскага ўніверсітэта замежных моў. Яго папярэднікам было аддзяленне рускай мовы трэцяй школы Яньаньскага антыяпонскага ваенна-палітычнага ўніверсітэта, створанага ў 1941 годзе. У 1949 годзе аддзяленне рускай мовы пераўтварылася ў «Пекінскі каледж рускай мовы», перайменаваны ў 1955 годзе ў «Пекінскі інстытут рускай мовы». У 1959 годзе Пекінскі інстытут рускай мовы і Пекінскі інстытут замежных моў аб'ядналіся, утварыўшы новы «Пекінскі інстытут замежных моў». Праз два гады пасля перайменавання Пекінскага інстытута замежных моў у «Пекінскі ўніверсітэт замежных моў», у 1996 годзе факультэт рускай мовы быў перайменаваны ў «Інстытут рускай мовы».
Інстытут рускай мовы з'яўляецца вядучым адукацыйным цэнтрам па вучэбных дысцыплінах Пекінскага гарадскога ўзроўню, а спецыяльнасць «Руская мова і літаратура» з'яўляецца спецыяльнасцю дзяржаўнага і пекінскага значэння. У лістападзе 1981 года інстытут атрымаў ад Камітэта па прысуджэнні вучоных ступеняў Дзяржаўнага савета права прысуджаць ступень магістра, у ліпені 1986 года – ступень доктара. У цяперашні час Інстытут мае тры ўзроўні выкладання: бакалаўрыят, магістратура і аспірантура. Акрамя таго, пры інстытуце дзейнічае дактарантура, якая штогод прымае суіскальнікаў як з Кітая, так і з-за мяжы.
Цяпер у Інстытуце рускай мовы працуе 36 супрацоўнікаў, у тым ліку 31 выкладчык, 3 асістэнты і 2 пазаштатныя супрацоўнікі. Сярод выкладчыкаў 12 прафесараў, 7 дацэнтаў і 13 лектараў, з іх 31 з доктарскай ступенню. У прафесарска-выкладчыцкі склад уваходзіць вялікая колькасць вядомых навукоўцаў, некаторыя з якіх ганараваны «Пушкінскім медалём» і «Горкаўскай літаратурнай прэміяй».
На сённяшні дзень Інстытут рускай мовы прапануе навучанне васьмі мовам: рускай, украінскай, казахскай, кіргізскай, узбекскай, туркменскай, таджыкскай, беларускай. Тэрмін навучання ў бакалаўрыяце складае 4 гады, у магістратуры – 2–3 гады, у дактарантуры – 3–4 гады. За выключэннем спецыяльнасці «Руская мова і літаратура», усе астатнія спецыяльнасці рэалізуюць праграму навучання рускай мове ў спалучэнні з малараспаўсюджанымі мовамі. Бакалаўрыят Інстытута рускай мовы вядомы сваёй трывалай моўнай падрыхтоўкай: ён не толькі прапануе дысцыпліны базавай моўнай адукацыі, такія як практыкум вуснага маўлення, граматыка, аўдзіраванне, чытанне, пераклад (пісьмовы, вусны) і пісьмо, але і іншыя гуманітарныя дысцыпліны, такія як геаграфія, гісторыя, культура, літаратура, грамадазнаўства, мастацтва краін вывучаемай мовы. Прапанаваныя курсы і дысцыпліны дапамагаюць навучэнцам удасканальваць агульнакультурныя кампетэнцыі і лепш разумець краіны вывучаемых моў. На працягу многіх гадоў выпускнікі Інстытута непахісна займаюць лідзіруючыя пазіцыі ў краіне па выніках дзяржаўных прафесійных экзаментаў па рускай мове 4-га і 8-га ўзроўняў.
Магістратура прапануе праграмы па вывучэнні рускай лінгвістыкі, рускай літаратуры, расійскага грамадства і культуры, MTI (уключаючы вусны і пісьмовы пераклад), а таксама рэгіёназнаўства ў рамках Універсітэта Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Інстытут рускай мовы з'яўляецца адным з вядучых цэнтраў распрацоўкі падручнікаў па рускай мове ў нашай краіне. На працягу дзесяцігоддзяў прафесійныя падручнікі, падрыхтаваныя ў Інстытуце, робяць значны ўнёсак у забеспячэнне высокай якасці выкладання рускай мовы па ўсім Кітаі. Сярод іх найбольш вядомымі з'яўляюцца наступныя: «Руская мова», апублікаваная ў 8 тамах у 1960-х гадах; «Базавы ўзровень рускай мовы», «Сярэдні ўзровень рускай мовы» і ««Паглыблены ўзровень рускай мовы», апублікаваныя ў 1980-х гадах; «Універсітэцкая руская мова (Дунфан)», апублікаваная ў 8 тамах у 1990-х гадах. Уступіўшы ў XXI стагоддзе, Інстытут рускай мовы апублікаваў серыю падручнікаў па планаванні дзяржаўнага ўзроўню «Дзясятага пяцігадовага плана», «Адзінаццатага пяцігадовага плана» і «Дванаццатага пяцігадовага плана» Міністэрства адукацыі. Многія падручнікі атрымалі першую прэмію Міністэрства адукацыі ў якасці ўзорных падручнікаў па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура». У 2021 годзе 1–8 тамы падручнікаў па рускай мове для студэнтаў «Дунфан» (новае выданне) атрымалі Другую дзяржаўную прэмію ў рамках Першай Дзяржаўнай прэміі за падрыхтоўку дзяржаўных падручнікаў для вышэйшая адукацыі.
Інстытут рускай мовы з'яўляецца лідэрам Усекітайскага тэсціравання па рускай мове 4-га і 8-га ўзроўняў і старшынёй на ўсекітайскім прафесійным экзамене па рускай мове.
Пад загадваннем Інстытута рускай мовы знаходзіцца кітайскі часопіс «Еўразійскія гуманітарныя даследаванні» і часопіс на замежных мовах «Кітайскае славяназнаўства», што выдаюцца ў краіне і за мяжой і з'яўляюцца даследчай пляцоўкай для выкладчыкаў рускай мовы і студэнтаў.
У Інстытуце рускай мовы ёсць Цэнтр даследаванняў Расіі, Цэнтр даследаванняў Украіны, Цэнтр даследаванняў Казахстана, зарэгістраваныя ў Міністэрстве адукацыі КНР, Славянскі даследчы цэнтр ПУЗМ, Цэнтр вывучэння Беларусі, створаны сумесна ПУЗМ і Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам, а таксама Цэнтр рускай мовы, які фінансуецца Фондам «Рускі свет». Гэтыя цэнтры штогод праводзяць розныя акадэмічныя і студэнцкія мерапрыемствы і з'яўляюцца адной з баз для навуковых даследаванняў інстытута і мостам для міжнароднага абмену.
Інстытут рускай мовы падтрымлівае добрыя адносіны супрацоўніцтва з Расіяй, Беларуссю, Украінай і пяццю краінамі Цэнтральнай Азіі. Падпісаны пагадненні аб міжвузаўскім супрацоўніцтве з Маскоўскім дзяржаўным універсітэтам імя М. Ламаносава, Маскоўскім лінгвістычным універсітэтам, Інстытутам рускай мовы імя Пушкіна, Маскоўскім інстытутам міжнародных адносін, Расійскім універсітэтам дружбы народаў, Львоўскім дзяржаўным універсітэтам імя Івана Франка (Украіна), Казахскім нацыянальным універсітэтам імя Алі-Фараб, Узбекскім дзяржаўным універсітэтам сусветных моў, Кіргізскім нацыянальным універсітэтам імя Жусупа Баласагына, Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам (Беларусь) і іншымі навучальнымі ўстановамі.
Рэспубліка Беларусь размешчана ў заходняй частцы Усходне-Еўрапейскай раўніны, з'яўляючыся ўнутранай краінай у цэнтры Еўропы, якая не мае выхаду да мора. На ўсходзе і поўначы яна мяжуе з Расіяй, на поўдні — з Украінай, на захадзе — з Польшчай, а на паўночным захадзе і поўначы – з Літвой і Латвіяй. Беларусь валодае выключна важным геаграфічным становішчам, кантралюючы стратэгічныя шляхі з Расіі ва Усходнюю і Заходнюю Еўропу, з'яўляючыся ключавым транспартным вузлом на еўразійскім кантыненце. Як важны пункт кітайска-еўрапейскіх чыгуначных маршрутаў, Беларусь знаходзіцца на скрыжаванні еўразійскіх транспартных калідораў, служачы абавязковым транзітным звяном, якое злучае Еўразійскі кантынент з Еўрапейскім Саюзам і партамі Атлантыкі. Акрамя таго, яна з'яўляецца важным вузлом «Эканамічнага пояса Шаўковага шляху», які злучае Еўропу і Азію, а таксама Усход і Захад, і выступае ключавым партнёрам Кітая ў рэалізацыі ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях».
Беларуская мова адносіцца да ўсходнеславянскай галіны славянскай моўнай сям'і і з'яўляецца адной з афіцыйных моў Беларусі. Спецыяльнасць «Руская мова (Беларусістыка)» у Інстытуце рускай мовы была заснавана ў 2018 годзе, а ў 2019 годзе пачаўся афіцыйны прыём студэнтаў. Гэта адна з унікальных спецыяльнасцей па вывучэнні рэдкіх моў, адкрытая ў ПУЗМ у адпаведнасці са стратэгіяй развіцця дзяржаўнай ініцыятывы «Адзін пояс і адзін шлях», якая актыўна падтрымлівае палітыку Міністэрства адукацыі па рэдкіх мовах.
Праграма бакалаўрыяту па гэтай спецыяльнасці разлічана на 4 гады і арыентавана на выпускнікоў сярэдніх школ з базавым веданнем рускай мовы. Навучальны план спалучае два напрамкі: вывучэнне рускай і беларускай моў. На першым этапе (2 гады) асноўная ўвага надаецца развіццю камунікатыўных навыкаў аўдыравання, маўлення, чытання і пісьма на рускай і беларускай мовах; адначасова з закладаннем трывалага падмурка двухмоўя пачынаецца вывучэнне краіназнаўства Беларусі. На другім этапе (2 гады) студэнты трэцяга курса працягваюць навучанне ў ВНУ-партнёрах — Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце або Беларускім дзяржаўным універсітэце. У гэты перыяд удасканальваецца валоданне рускай мовай, адначасова паглыблена вывучаецца беларуская мова праз рускую. Вывучэнне курсаў па рэгіянальных даследаваннях спрыяе развіццю навыкаў міжкультурнай камунікацыі, крытычнага мыслення, навыкаў навукова-даследчай працы і практычнай дзейнасці — такім чынам закладваецца аснова для падрыхтоўкі шматмоўных і міждысцыплінарных спецыялістаў новай эпохі. Дыпломная праца пішацца на рускай або беларускай мовах, а выпускнікі павінны здаць дзяржаўныя экзамены па рускай мове 4-га і 8-га ўзроўняў для спецыяльнасцяў вышэйшай адукацыі.