
Ва ўніверсітэце створаны Шматмоўны рэсурсны цэнтр сусветнай літаратуры; бібліятэчны фонд папяровай літаратуры ахоплівае амаль 1,6 мільёна тамоў на 107 мовах, каля 1,41 мільёна электронных кніг, 873 віды папяровых газет і перыядычных выданняў, 103 базы даных, якія ўтвараюць велізарны фонд матэрыялаў, пераважна па мовазнаўстве, літаратуразнаўстве і культуралогіі. У апошнія гады, у адказ на развіццё новых напрамкаў у адукацыйнай праграме ўніверсітэта, пачала пашырацца бібліяграфічная сістэма фонду на тэмы палітыкі, эканомікі, дыпламатыі, права, журналістыкі, менеджменту, краіназнаўства, рэгіёназнаўства і г. д. Прытрымліваючыся канцэпцыі развіцця «адкрытасць, узаемасувязь, інтэлект, інавацыі і інтэграцыя», універсітэт бесперапынна ўдасканальвае інфарматызацыю адукацыі, распрацоўвае праграмныя платформы (шматмоўны вэб-сайт, лічбавы ПУЗМ, цэнтр апрацоўкі даных, сеткавыя навучальныя і метадычныя рэсурсы), узбагачае інтэлектуальную сераду навучання. Інтэлектуальная платформа і лабараторыя для прафесійнага развіцця выкладчыкаў спрыяе ўкараненню інавацый у адукацыйны працэс і стварае ўмовы для дасягнення высокіх паказчыкаў якасці выкладання. Па рашэнні Міністэрства адукацыі менавіта ў ПУЗМ быў створаны адзін з першых пілотных праектаў па прафесійным развіцці выкладчыкаў з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Новы Музей сусветных моў увекавечвае дасягненні моўнай культуры, а Музей гісторыі ўніверсітэта адлюстроўвае асноўныя вехі развіцця ПУЗМ.

Плошча бібліятэкі складае 23 тысячы квадратных метраў; у шасціпавярховым будынку больш за 2200 чытацкіх месцаў, 18 пакояў для даследчай работы, аўдыторыі для канферэнцый, семінараў і вучэбных заняткаў. Для студэнтаў і выкладчыкаў абсталяваныя кніжныя кафэ, выставачныя залы, цэнтр пагружэння ў моўную культуру і іншыя адукацыйна-забаўляльныя прасторы.

У бібліятэцы ёсць бесправадны інтэрнэт, працуе кругласутачнае аўтаматызаванае акно звароту кніг. Чытачы могуць карыстацца разнастайнымі сэрвісамі, напрыклад, паслугамі самастойнай раздрукоўкі, капіравання, сканавання, ажыццяўляць электронны пошук, атрымліваць і вяртаць кнігі, а таксама чытаць электронныя газеты. У бібліятэцы размешчаны інфармацыйныя дысплеі, абсталяваны зоны электроннага чытання і мультымедыйныя навучальныя прасторы.

Бібліятэка ПУЗМ, кіруючыся прынцыпам універсітэта «інтэрнацыянальнасць, унікальнасць, дасканаласць, глыбіня», ставіць у цэнтр увагі чалавека і, адказваючы на выклікі эпохі лічбавай эканомікі ведаў, прапануе чытачам разнастайныя інфармацыйныя і акадэмічныя паслугі праз багатыя фонды, найноўшае высокатэхналагічнае абсталяванне і спрыяльнае навучальнае асяроддзе. Адначасова бібліятэка імкнецца да назапашвання спецыялізаваных матэрыялаў і акадэмічных рэсурсаў па замежных мовах, што робіць яе цэнтрам міжкультурнай камунікацыі як унутры ўніверсітэта, так і за яго межамі.